4 лютага 2018 г. — 210 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808–1884), беларускага паэта, драматурга, тэатральнага дзеяча
Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч) Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага 1808 года ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні (цяпер у Валожынскім раёне Мінскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Скончыў павятовую школу ў Бабруйску (1824), вучыўся ў Вільні. З 1827 года працаваў перакладчыкам Мінскай епархіяльнай кансісторыі, потым — крымінальнай палаты. Набыў фальварак Люцынка (Люцінка) каля Івянца (цяпер вёска ў Валожынскім раёне), дзе і жыў, часта наведваючы Мінск. У 1850-я гады пераважна жыў у Мінску.
20 лютага 2018 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Мікалая Рыгоравіча Цялічкі (1923–2014), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, педагога, паэта
Мікалай Рыгоравіч Цялічка нарадзіўся 20 лютага 1923 года на хутары Аляксееўшчына Казялецкага раёна Чарнігаўскай вобласці. У 1933 годзе сям’я пераехала ў Ленінград. Бацьку, ваеннага ўрача, пераводзілі па службе з горада ў горад, таму Мікалай вучыўся ў розных школах (Ленінград, Сталінград, Махачкала). Паэзіяй захапіўся рана, першыя яго вершы былі надрукаваны ў сталінградскай абласной піянерскай газеце ў 1938 годзе.
29 кастрычніка 2018 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Кузьміча Луконіна (1918–1976), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта, лаўрэата Сталінскай (1949) і Дзяржаўнай прэмій СССР (1973)
Міхаіл Кузьміч Луконін нарадзіўся 29 кастрычніка 1918 года ў сяле Кілінчы Астраханскай губерні ў сям’і паштовага служачага. Дзяцінства прайшло ў сяле Быкавы Хутары на Волзе (цяпер на гэтым месцы Валгаградскае вадасховішча). З 1926 года жыў у Сталінградзе, вучыўся ў фабрычна-завадской школе, працаваў на Сталінградскім трактарным заводзе. Друкавацца пачаў з 1934 года. У 1937 годзе скончыў Сталінградскі настаўніцкі інстытут, паступіў у Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1941 годзе. Удзельнік савецка-фінляндскай вайны (1939–1940), быў стралком лыжнага батальёна.
20 лютага 2018 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Анатоля Мікалаевіча Галушкі (1963), мастака-інваліда, паэта, лаўрэата літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2017)
Анатоль Мікалаевіч Галушка нарадзіўся 20 лютага 1963 года ў вёсцы Магіліцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1980 годзе, скончыўшы Волькаўскую сярэднюю школу, паступіў у Калінінградскае мараходнае вучылішча, бо марыў убачыць свет, падарожнічаць. Перад ад’ездам на вучобу адправіўся на раку Шчару купацца. Няўдала нырнуў і атрымаў адну з самых страшных траўм пазваночніка — кампрэсійны пералом 5-га і 6-га шыйныхпазванкоў, пашкоджанне спіннога мозгу, пасля чаго атрафіраваліся мышцы рук, спіны, ног.
25 студзеня 2018 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага (1938–1980), паэта, аўтара-выканаўцы песень, акцёра тэатра і кіно, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1987)
Грамадскасць г. Брэста шануе памяць пра паэта, аўтара-выканаўцы песень,акцёра тэатра і кіно Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага (1938–1980). Паводле архіўных даследаванняў яго радаслоўнай стала вядома, што яго прадзед паходзіў з вёскі Сялец (цяпер Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Магчыма, яшчэ раней продкі жылі ў г. Высокім (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці).
2018 г. — 205 гадоў з часу службы ў горадзе Брэсце (1813–1816) Аляксандра Сяргеевіча Грыбаедава (1795–1829), рускага пісьменніка, дыпламата
Аляксандр Сяргеевіч Грыбаедаў нарадзіўся ў 1795 годзе ў Маскве ў забяспечанай радавітай сям’і. Пасля Маскоўскага пансіёна паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт. Збіраўся прысвяціць сваё жыццё навуцы — кандыдат славесных навук, кандыдат права, ужо без «пяці хвілін» доктар права, але пачалася Айчынная вайна 1812 года. Аляксандр Грыбаедаў добраахвотна пайшоў у войска, стаў карнетам. Пакуль яго полк фарміраваўся, а затым рушыў на Захад у складзе рэзерву, асноўныя ваенныя дзеянні ішлі ўжо на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Потым Аляксандр захварэў і здолеў дагнаць полк толькі ў пачатку восені 1813 года.
2 студзеня 2018 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Аляксея Ільіча Белага (1953), паэта
Аляксей Ільіч Белы нарадзіўся 2 студзеня 1953 года ў вёсцы Міхнавічы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласцi. У роднай вёсцы атрымаў пачатковую адукацыю, а затым вучыўся ў Івацэвічах — у сярэднiх школах № 1 і № 2.
5 снежня 2017 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Алеся (Аляксандра Сцяпанавіча) Разанава (1947), паэта, перакладчыка, эсэіста
Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых. Яго бацька, Сцяпан Іванавіч Разанаў (1910–1986), родам з вёскі Вялікая Ржакса Тамбоўскай вобласці; напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй у Беларусь і застаўся жыць у Сяльцы; быў вывезены ў Германію на прымусовую працу, знаходзіўся ў канцлагерах, у 1945 годзе вярнуўся. Маці, Надзея Іванаўна, працавала медсястрой, фельчарам-акушэркай, пазней — у Сялецкай бальніцы.
14 кастрычніка 2017 г. — 205 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма (1812–1891), паэта, таленавітага каваля, імя якога нададзена Крошынскаму музею народнай творчасці і рамёстваў (Баранавіцкі р-н)
Паўлюк (Павел Іосіфавіч) Багрым нарадзіўся 14 кастрычніка 1812 года ў мястэчку Крошын Навагрудскага павета (цяпер аграгарадок Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і слесара, каваля, у якога было сямёра дзяцей. Пачатковую адукацыю атрымаў у Крошынскай рымска-каталіцкай парафіяльнай школе. Дзякуючы ксяндзу Войцэху Магнушэўскаму, чалавеку высокай адукацыі і культуры, апекуну школы, Паўлюк шмат чытаў, захапляўся мастацкай літаратурай, асабліва паэзіяй, рана пазнаёміўся з творамі Гамера і Эзопа, якія ўразілі яго прыгажосцю вершаскладання і гуманізмам.
8 кастрычніка 2017 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Любові Сямёнаўны Дзікавіцкай (1962), паэткі
Любоў Сямёнаўна Дзікавіцкая (Будзько) нарадзілася 8 кастрычніка 1962 г. у в. Востраў Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1978 г. скончыла Востраўскую васьмігодку. Пасля заканчэння Ладаражскай сярэдняй школы (1980) паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала настаўніцай літаратуры Востраўскай школы (1980–1981), настаўніцай нямецкай мовы Жолкінскай школы (1981–1983).